top of page

Шматтыражная газета “Школьнае Задняпроўе” (да 2008 года – “Задняпроўе”) была створана ў дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа №8 горада Оршы” ў красавіку 2000-га года. Аўтарам праекта з’явіўся Мікалай Іванавіч Камароўскі. На момант выхаду першага нумара яна была адзінай шматтыражнай школьнай газетай у Оршы і адной з першых у Віцебскай вобласці. Газета павінна была пашыраць – і пашырае  зараз – сферу ўжытку беларускай мовы ў школьным асяроддзі і развіваць творчыя здольнасці вучняў, а таксама ствараць летапіс школьнага жыцця.

У выданні “Школьнага Задняпроўя” ўдзельнічаюць вучні, якія цікавяцца жыццём школы,  і тыя, хто спрабуе сябе ў літаратурнай творчасці.

Газета друкуецца ў фармаце А-4  на школьнай аргтэхніцы. Тыраж – да 100 экзэмпляраў (школа ж налічвае 450 вучняў). Выходзіць адзін раз у месяц на 6 палосах. Газета “Школьнае Задняпроўе” мае свае пастаянныя рубрыкі: “Навіны”, “Інтэрв’ю ў нумар”, “Шосты дзень тыдня”, “Віншаванні”, “Прыдняпроўская рунь”, “Забаўляльна-пазнавальная старонка”. У студзені 2018 года з’явілася яшчэ адна – “Даследуем малую радзіму”. У 2020- “Маланка сумлення”.

Рэдактарам газеты далей была настаўніца беларускай мовы і літаратуры Белянкова Аляксандра Аляксандраўна.  Зараз – Бохан Наталля Віктараўна. З рэдкалегіі можна назваць найбольш актыўных супрацоўнікаў: Камароўскага Ягора і Шкурдзюк Аксану, Астравух Ксенію, Загарэльскую Дар’ю, Маскоўкіну Дар’ю, Сінічкіну Аліну, Абухоўскую Настассю і Каданаву Настассю, Шастакова Станіслава і маладое  пакаленне – Мацюк Вікторы і Шукунова Карына.

На думку не толькі стваральнікаў газеты, але і ўсяго школьнага калектыву, “Школьнае Задняпроўе” спрыяе зацікаўленасці школьнікаў у авалоданні беларускай мовай, пашырэнні яе ўжывання, а таксама з’яўляецца дзейсным сродкам патрыятычнага, духоўнага, эстэтычнага, экалагічнага, сямейнага, прафесійнага выхавання, выхавання культуры здаровага ладу жыцця і культуры вольнага часу.

Газета не раз прымала ўдзел у конкурсе “Спроба пяра”. Мае дыпломы за перамогу ў наступных намінацыях: “За прафесіяналізм і актыўную жыццёвую пазіцыю” (2013 г.), “За разнастайнасць тэм і рубрык і якаснае асвятленне школьнага жыцця” (2014 г.), “За творчы падыход у асвятленні школьнага жыцця” (2015 г.), “Лепшая газета на беларускай мове” (2016 г.). У 2017 годзе “Школьнае Задняпроўе” заняла ў конкурсе 1 месца.

Адрас рэдакцыі: 211387, Віцебская вобласць, г. Орша, вул. Магілёўская, 43, ДУА “Сярэдняя школа №8 горада Оршы”.

Тэлефоны: (80216) 51-42-54, 54-44-28

Электронны адрас: 08.school.orsha@gmail.com

bottom of page